Наведваючы вядомыя музеі ці карцінныя галерэі з працамі вялікіх мастакоў мінулага, большасць людзей наўрад ці сумняваецца ў сапраўднасці карцін у іх калекцыях. І, магчыма, дарма. Паміж 1986 і 1994 годам брытанскі мастак Джон Маят паспяхова выдаў за арыгіналы больш за 200 сваіх працаў, нібыта напісаных Клодам Манэ, Анры Мацісам, П’ерам Рэнуарам, Маркам Шагалам і іншымі знакамітымі мадэрністамі. Палотны трапілі ў калекцыі рэспектабельных музеяў і галерэй, а геніяльны фальсіфікатар зарабіў на іх сотні тысяч фунтаў стэрлінгаў (праўда, значная частка, відаць, дасталася іншаму чалавеку). Як Маяту ўдавалася выдаваць карціны, створаныя з дапамогай інтымнай змазкі, за сапраўдныя старадаўнія працы, якая выпадковасць дапамагла паліцыі раскрыць афёру і чаму ён адседзеў толькі траціну прызначанага судом тэрміну? Расказваем.
Незвычайны талент беднага настаўніка
Усё пачалося з невялікай рэкламнай абвесткі ў англійскім сатырычным часопісе Private Eye, якую ў сакавіку 1986 года ўбачыў калекцыянер карцін з Лондана Джон Дру. Аўтар апублікаванага матэрыялу, настаўнік малявання са Стафардшыра Джон Маят, прапаноўваў чытачам набыць «сапраўдныя падробкі» — напісаныя ім копіі карцін XIX-XX стагоддзяў. Працы мастак ацэньваў на сумы ад 150 фунтаў стэрлінгаў.
Да знаёмства з Дру Маят быў цалкам законапаслухмяным грамадзянінам, які не збіраўся рабіцца прафесійным фальсіфікатарам. Яшчэ вучачыся ў мастацкай школе, ён досыць высока ацэньваў свае здольнасці і спадзяваўся, што зможа стварыць уласны мастацкі стыль. Але, паводле яго ж словаў, кожны раз, калі мужчына пісаў пейзаж ці партрэт, вынік быў нязменна «акадэмічным» і «нудным».

Затое Маят выявіў, што ён выдатны імітатар, здольны пісаць бездакорныя копіі чужых карцін. Многія гады гэта яго, хутчэй, забаўляла. Так, для аднаго з сяброў ён напісаў копію карціны Пікаса, а дзядулю іншага прыяцеля выявіў на партрэце ў стылі Рубенса.
Але ў сярэдзіне 80-х жыццё Маята пайшла наперакасяк. Жонка Аніта сышла ад яго да іншага мужчыны, пакінуўшы былому мужу на выхаванне дваіх маленькіх дзяцей. Як успамінаў мастак, «яна была добрай жонкай, яе проста не цікавілі дзеці». Грошай ад выкладання не хапала на ўтрыманне сям'і, пры гэтым праца забірала шмат часу. Каб паправіць фінансавае становішча і бавіць больш часу з дзецьмі, мастак вырашыў змяніць занятак і пачаў даваць рэкламу пра «сапраўдныя падробкі».
Ідэя аказалася ўдалай. Замовы на таленавіта напісаныя копіі цяклі ракой — але пры гэтым уся дзейнасць Маята заставалася ў рамках закона. Замоўцы ведалі, што яны купляюць — - і плацілі за рэплікі. Так было да моманту, пакуль часопісная абвестка не трапіла на вочы Джону Дру.
Схема Джона Дру
Дру стаў пастаянным замоўцам Маята, прычым спачатку іх супрацоўніцтва было цалкам законным. За першыя паўтара-два гады знаёмства лонданец купіў у мастака з дзясятак «сапраўдных падробак» і карцін, напісаных у стылі вядомых жывапісцаў. Спачатку Дру замовіў мастаку копію адной з работ Анры Маціса, потым некалькі партрэтаў у галандскім стылі. Супрацоўніцтва і ўважлівае стаўленне да выканання ўзятых на сябе абавязанняў зблізіла аўтара копій і калекцыянера, якія сталі прыяцелямі.
Пераломны момант надышоў падчас афармлення дзявятай замовы. У Дру скончыліся ідэі, і Маят сам прапанаваў напісаць карціну ў стылі французскага мастака-кубіста Альбера Глеза. Прычым гэта была не копія, а новы твор — але заснаваны на малюнку, які англічанін калісьці бачыў у кнізе. Маят назваў працу «Партрэт вайсковага доктара». Спачатку Дру павесіў яе на лесвіцы ў сваім доме. Але потым яму ў галаву прыйшла іншая ідэя.
Неўзабаве Дру патэлефанаваў Маяту і расказаў ашаломленаму мастаку, што не толькі выдаў яго карціну за сапраўдную працу Глеза, але і прадаў на аўкцыёне Christie’s за 25 000 фунтаў стэрлінгаў. Палову гэтай сумы калекцыянер прапанаваў сапраўднаму аўтару палатна. Маят пасля так успамінаў гэты момант: «Вядома, я мусіў сказаць „не“. Вядома, я мусіў прадбачыць, што адбудзецца. Але я быў дурны. А таксама я быў банкрутам». Мастак не адмовіўся ад прапановы Дру і прыняў ад таго карычневы канверт з 12 500 фунтаў стэрлінгаў наяўнымі. Гэтая сума прыкладна адпавядала яго гадавой настаўніцкай зарплаце.
Паддаўшыся спакусе вялікіх незаконных грошай адзін раз, Маят больш не змог ад яе адмовіцца. Разам з Дру яны паставілі на паток вытворчасць і продаж карцін, напісаных «ад імені» вядомых мастакоў пачатку XX стагоддзя. Строга кажучы, непасрэдна махлярствам займаўся лонданец, які спрытна падрабляў правенансы (дакументы, што пацвярджаюць сапраўднасць твораў мастацтва). Для гэтага ён здабываў старыя музейныя квітанцыі і нават здолеў сапсаваць архівы галерэі Тэйт і музея Вікторыі і Альберта, унёсшы ў іх фальшывыя запісы.
Акрамя таго, Дру ўзяў на сябе штучнае састарванне працаў Маята з дапамогай здабытых з пыласоса пылу і садовай гразі. Гэтыя прыёмы дапамагалі яму абводзіць вакол пальца знакамітых экспертаў. І прадаваць падробкі па цане да 120 тысяч фунтаў стэрлінгаў за штуку.

Зрэшты, якімі б пераканаўчымі ні былі падробленыя правенансы, прадаць з іх дапамогай адкрытую халтуру наўрад ці б удалося. Галоўная заслуга ў стварэнні копій, якія не выклікалі падазрэнняў у багатых пакупнікоў і экспертаў, безумоўна належала Маяту. Калі яго талент і натхненне атрымалі цвёрдую фінансавую падтрымку, ён здолеў паставіць вытворчасць бездакорных «шэдэўраў» на канвеер. Менш чым за восем гадоў ён напісаў больш за 200 карцін у розных стылях, якія Дру паспяхова выдаў за творы Клода Манэ, Анры Маціса, П’ера Рэнуара, Марка Шагала, Альбера Глеза, Альберта Джакамеці, Бэна Нікалсана, Грэма Сазерлэнда, Нікаля дэ Сталя.
Пазней Маят расказваў, што пайшоў на гэтую афёру праз сямейныя нягоды і неабходнасць выхоўваць маленькіх сына і дачку ў адзіночку. Але прызнаваў, што праца мастаком-фальсіфікатарам прыйшлася яму даспадобы. Каб зрабіць ідэальную падробку, ён стараўся пранікнуцца творчасцю аўтара, чыю працу імітаваў, аказацца з ім «на адной хвалі». Так, працуючы над карцінамі ў стылі швейцарскага сюррэаліста Альберта Джакамеці, англічанін ездзіў на выставу яго карцін у Ліверпуль. «Я спрабую прымусіць працу мастака загіпнатызаваць мяне, — сцвярджаў Маят. — Я таксама атачаю сябе мноствам кніг. Мне падабаецца ведаць усё — дзе ён быў, што ён рабіў, якія ў яго былі адносіны з жонкай».
Зрэшты, былі ў такога промыслу і мінусы. Маят быў вымушаны трымаць у таямніцы сапраўдную крыніцу сваіх даходаў ад усіх, у тым ліку ад сына і дачкі, што з ім жылі: «Мне даводзілася хаваць ад усіх, чым я займаюся, нават ад сваіх дзяцей. Я падымаўся наверх у канцы дня і чытаў ім казку, потым спускаўся, прыбіраў са стала на кухні і маляваў дзве ці тры гадзіны. Потым ставіў будзільнік на сем, адпраўляў іх у школу, зноў клаўся спаць… Гэта стала свайго роду сістэмай. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб цалкам усвядоміць, што я раблю і каго падманваю».
Акрамя таленту Маяту ў стварэнні яго «сапраўдных падробак» часам дапамагала шанцаванне. Напрыклад, толькі з чыстай выпадковасці падчас працы над карцінамі ў стылі Джакамеці ён выкарыстаў дакладна такое ж палатно з баваўнянай тканіны, якому аддаваў перавагу швейцарскі мастак. Што і дапамагло пераканаць экспертаў у «сапраўднасці».
Сам Маят сцвярджаў, што яму здаваўся неверагодным поспех яго падробак, частку з якіх ён называў «зусім кепскімі». Свае карціны мастак пісаў нават не старадаўнімі алейнымі фарбамі, а сучаснымі водаэмульсійнымі. Праўда, для надання вонкавай аўтэнтычнасці працам ён прыдумаў дамешваць інтымны ўвільгатняльны гель-лубрыкант KY.
Суд і законнае стварэнне падробак
Афёра Маята і Дру раскрылася ў 1995 годзе, калі апошні расставаўся са сваёй жонкай. Місіс Дру звярнулася ў паліцыю з дакументамі, што кампраметавалі мужа, і Скотланд-Ярд правёў ператрусы — у тым ліку ў доме яго сябра-мастака. Той спачатку адмаўляў свой удзел у махінацыях, але паліцэйскія знайшлі ў яго партфелі недасланы ліст да Джона Дру. У лісце, які Маят не паспеў даслаць, ён інфармаваў бізнес-партнёра пра тое, што больш не хоча выдаваць свае працы за арыгіналы пэндзля вядомых мастакоў. «Гэты ліст быў раўназначны ўласнаручна падпісанаму прызнанню. Паліцыя паставілася да гэтага вельмі міла. У выніку мы сядзелі за кухонным сталом і абмяркоўвалі мастацтва», — успамінаў пазней Маят.

Суд па-рознаму ацаніў «унёсак» аферыстаў ў злачынную схему, якая запоўніла брытанскі рынак дзвюма сотнямі дагэтуль невядомых «шэдэўраў вядомых майстроў». Джона Дру палічылі «лялькаводам», «рухальнай сілай вялізнага махлярства», які зарабіў на працах Маята не менш за мільён фунтаў стэрлінгаў. Суд асудзіў яго на шэсць гадоў турмы. Дру на двух паседжаннях сімуляваў сардэчны прыступ, пасля чаго працэс адкладалі. На трэці раз суддзя загадаў даставіць яго ў залу, нават калі ён будзе на насілках. Потым Дру збег з-пад закладу, і толькі выпадкова яго затрымаў паліцэйскі, які апазнаў махляра.
Цікава, што на момант вынясення прысуду ў 1999 годзе паліцыя знайшла толькі 60 падробак, яшчэ каля 140 заставаліся на той момант нявыяўленымі. Да 2010 года 120 падробак Маята, напісаных у перыяд злачыннага этапу яго кар’еры, усё яшчэ цыркулявалі на рынку. Што і не дзіўна: іх уладальнікі наўрад ці зацікаўленыя ў тым, каб набытыя за дзясяткі тысяч фунтаў стэрлінгаў палотны афіцыйна былі прызнаныя фальшывымі.
Сам Дру пры гэтым сцвярджаў, што ўлады зрабілі яго «ахвярным казлом», каб схаваць сапраўдную карупцыйную схему па продажы твораў мастацтва для фінансавання гандлю зброяй. Нават пасля вызвалення ён працягваў прытрымлівацца сваёй тэорыі змовы. Згодна з ёй, ён трапіў у турму праз нейкі сакрэтны спосаб, з дапамогай якога брытанскі ўрад збіраўся фінансаваць харватаў у вайне супраць сербаў.

Маят у 1999 годзе таксама трапіў за краты — але суд ацаніў яго ўдзел у злачынстве ўсяго ў адзін год пазбаўлення волі. Магчыма, гэта звязана і з размеркаваннем даходаў ад ашуканскай дзейнасці. Калі верыць мастаку, пасля першай удалай угоды Дру перастаў дзяліць з ім даходы ад продажаў пароўну. Паводле Маята, ён атрымліваў ад калекцыянера ў перыяд злачыннага супрацоўніцтва з ім у сярэднім 13 тысяч футаў стэрлінгаў за год. То-бок несупастаўна менш за мільён, які пакінуў сабе Дру.
Зрэшты, нават прызначанага года Маят не адседзеў: ужо праз чатыры месяцы яго вызвалілі за добрыя паводзіны. У турме мастак працаваў у бальнічным блоку і заслужыў мянушку «Пікаса», пішучы партрэты сваіх аднакамернікаў у абмен на тэлефонныя карты.
Пасля выхаду на волю брытанец наогул не хацеў браць у рукі пэндзаль. Але потым яму патэлефанаваў Джонатан Сірл, той самы дэтэктыў, які яго арыштоўваў. І папрасіў напісаць партрэт сваёй сям'і. Потым прыйшла замова на карціну Джакамеці ад аднаго з абвінаваўцаў Маята ў судзе. Сірл, які падчас працэсу назваў злачынства «найбуйнейшым махлярствам з сучасным мастацтвам, якое бачыла XX стагоддзе», падказаў мастаку, як канвертаваць яго талент у годныя грошы, не звяртаючыся да падробкі.
Вось як Маят расказваў пра гэта: «А потым, адразу пасля таго як я выйшаў на волю, ён зноў звязаўся са мной (ён быў блізкі да выхаду на пенсію) і хацеў даведацца, чым я буду займацца цяпер. Я не ведаў, сказаў нешта пра наведванне цэнтра занятасці, можа, пра садаводства. І ён сказаў мне не быць такім дурным. Сказаў, што я буду зарабляць грошы кожны раз, калі вазьму ў рукі пэндзаль. І дадаў, што ён і нават некаторыя з адвакатаў на судзе хацелі б мець невялікі напамін пра ўсё гэта. <…> Вось тады ўсё і пачалося: я зразумеў, што магу, насамрэч, рабіць усё гэта законна».

«Сапраўдныя падробкі» Маята аказаліся настолькі добрымі, што змаглі выклікаць цікавасць у знаўцаў мастацтва і самі па сабе, без містыфікацый, якія прыпісваюць іх стварэнне мастакам мінулага. На параду Сірла мастак пасля вызвалення працягнуў пісаць копіі і «падробкі» карцін вядомых мастакоў мінулага, а яго новая жонка занялася адміністрацыйнымі пытаннямі гэтай дзейнасці. Легальныя падробкі Маята могуць выглядаць як сапраўдныя працы Манэ, Маціса ці Рэнуара — на іх нават ёсць «подпісы» знакамітых мастакоў. Праўда, яны маюць два істотныя адрозненні: надпіс на адваротным баку «Сапраўдная падробка», зробленая нязмыўнымі чарніламі, і электронны чып у палатне з аналагічнай інфармацыяй.
У 2005 годзе «сапраўдныя падробкі» Маята каштавалі ад 850 да 4700 фунтаў стэрлінгаў. Цяпер кошт некаторых яго карцін, напісаных «ад імені» вялікіх майстроў мінулага, даходзіць да 59 500 фунтаў.
Чытайце таксама


