Амаль не спала ў ШІЗА, страчвала прытомнасць. У штабе Бабарыкі расказалі, што папярэднічала шпіталізацыі Калеснікавай
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Экстранная шпіталізацыя Марыі Калеснікавай з прабадной язвай і перытанітам стала вынікам непрапарцыйна жорсткага ўтрымання ў штрафным ізалятары, лічаць прадстаўнікі штаба Віктара Бабарыкі.

Мария Колесникова в суде. Фото: Reuters
Марыя Калеснікава ў судзе. Фота: Reuters

Адвакат бачыў Марыю ў калоніі 17 лістапада. Пазней з’явілася інфармацыя, што яе змясцілі ў штрафны ізалятар.

«У ШІЗА было вельмі холадна, Маша практычна не спала. Каб сагрэцца, яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў па маленькай камеры ў адзін з дзён. Цягам некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя ў ШІЗА страчвала прытомнасць, у яе быў павышаны ціск і млоснасць. Яна страціла прытомнасць у душы, падрапаўшы падчас падзення ногі. Медык з калоніі адзначыў: у ШІЗА штораніцы праводзіцца агляд, дзе зняволеная можа расказаць, што яе турбуе. Нібыта з боку Марыі не было зваротаў. Пры гэтым у ШІЗА ёй давалі таблеткі ад ціску, якія без скаргаў на стан здароўя не далі б», — паведамілі ў штабе.

28 лістапада Калеснікавай прызначылі чарговае пакаранне — яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адваката да яе не пусцілі.

«Пасля абеду ў гэты дзень у яе пачаўся крызіс: да праблем з ціскам, млоснасці і страты прытомнасці дадаўся пакутлівы боль у страўніку, Маша літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі экстранна даставіла Марыю ў бальніцу», — дадалі ў штабе.

Нагадаем, пра шпіталізацыю Марыі Калеснікавай стала вядома 29 лістапада. Яе паклалі ў першае хірургічнае аддзяленне і перавялі ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гомелі.

Аперацыя прайшла паспяхова, але Марыя заставалася ў цяжкім стане. 5 снежня яе перавялі з бальніцы ў медыцынскі стацыянар калоніі і яна змагла ў палаце сустрэцца з бацькам.

Марыя Калеснікава, якая кіравала штабам Бабарыкі пасля арышту самога палітыка і ягонага сына, знаходзіцца за кратамі ўжо два гады і тры месяцы. У верасні 2021-га яе асудзілі на 11 гадоў калоніі. Яна адбывае пакаранне ў ПК-4 Гомеля.