Беларусь і Пакістан дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду працоўных мігрантаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка на сустрэчы ў шырокім складзе з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, перадае БЕЛТА.

Лукашэнка падкрэсліў, што тэма прыцягнення ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана «важная і далікатная». Ён канстатаваў, што ў Пакістане ёсць вялікая колькасць людзей, якія «могуць і хочуць» працаваць у Беларусі.
— Мы дамовіліся з вамі, што зробім усё для таго, каб нашыя пакістанскія сябры, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя — ахвотныя змаглі прыехаць у Беларусь і працаваць тут. Мы акажам ім адпаведную падтрымку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы таксама дамовіліся, што выпрацуем канкрэтны механізм прыезду людзей для працы ў Беларусі. Нам яны будуць вельмі патрэбныя.
Паводле ацэнкі Лукашэнкі, Беларусь гатовая прыняць на працу 100−150 тысяч пакістанскіх спецыялістаў.
— Мы таксама дамовіліся з маім сябрам прэм’ер-міністрам Пакістана, што найбліжэйшым часам будуць скіраваныя спецыялісты розных галін. Тых галін, пра якія мы папросім. І кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей. Хай гэта будзе 100 тысяч, можа быць, 120−150 тысяч гэтых спецыялістаў. Мы гатовыя прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы, — падкрэсліў Лукашэнка (цытата паводле БЕЛТА).
Рэалізацыі гэтых дамоўленасцяў мае спрыяць адкрыццё прамога рэйса паміж Ісламабадам і Мінскам. Гэтая тэма таксама абмяркоўвалася падчас перамоваў двух лідараў.
— Калі мы аператыўна створым паветраны мост паміж Ісламабадам і Мінскам і падтрымаем паветраныя зносіны, то я ўпэўнены, што мы вельмі сур’ёзна прасунемся ў гэтым напрамку (развіцці двухбаковых дзелавых і гуманітарных кантактаў. — Заўв. рэд.). Тым больш калі мы будзем прыцягваць працоўныя рэсурсы з Пакістана ў Беларусь (а гэта будзе), для людзей трэба хуткае паветранае паведамленне. Мы гатовыя ў гэтым кірунку працаваць і прайсці свой шлях, — сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу прэм’ер Пакістана Шахбаз Шарыф падзякаваў Лукашэнку за гатоўнасць прыняць працоўных мігрантаў з яго краіны.
Нагадаем, у пачатку студзеня Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў прыцягваць працоўных мігрантаў з Таджыкістана, Сірыі, Узбекістана. Палітык адзначыў, што не пярэчыць супраць запрашэння на беларускія прадпрыемствы замежнікаў, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты.
— Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, любых людзей — запрашай. Але ты мусіш ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы, — запатрабаваў Лукашэнка.
У лютым у Мінску прайшло паседжанне міжурадавай камісіі Беларусі і Пакістана, адной з тэмаў якога стала працоўная міграцыя.
«Абодва бакі прызналі важнасць вырашэння праблем працоўнай міграцыі і выказалі агульную зацікаўленасць ва ўмацаванні супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Яны дамовіліся пачаць абмеркаванне перспектываў двухбаковага супрацоўніцтва, засяродзіўшыся на паляпшэнні мабільнасці рабочай сілы і забяспечанні абароны правоў працоўных», — паведамляла прэс-служба ўрада Пакістана па выніках сустрэчы.
Чытайце таксама