Ціск у СІЗА КДБ і «замах» на Калеснікаву. Моладзевая актывістка Алана Гебрамарыям расказала пра метады спецслужбаў і спробы вярбоўкі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям гэтым летам эвакуявалася з Беларусі пасля затрымання КДБ. Пра ціск з боку спецслужбаў, пра СІЗА КДБ і свае сузалежныя адносіны з Беларуссю яна рассказала ў інтэрв'ю YouTube-каналу «Пляцоўка».

Алана Гебрэмарыям падчас інтэрв'ю, 2023 год. Скрыншот з YouTube-канала "Пляцоўка"
Алана Гебрэмарыям падчас інтэрв'ю, 2023 год. Скрыншот з YouTube-канала «Пляцоўка»

Ціск за кратамі

Выпускніца медуніверсітэта і экс-прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям была затрыманая 12 лістапада 2020 года па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), па «справе студэнтаў». Знаходзілася ў СІЗА КДБ і СІЗА-1 «Валадарка», потым адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі.

Ціск у СІЗА, на думку Аланы, датычыўся, напрыклад, лістоў. Іх прыходзіла мала ў адрозненне ад іншых палітвязняў — дзяўчыне сказалі нават не чакаць. Для Аланы ж гэта было істотна «як для чалавека, які любіць людзей, якому важна быць на сувязі». Таму яна дамагалася ад адміністрацыі, каб ёй аддавалі лісты, але ўсё было марна.

— Я думаю, што гэта з-за таго, што кдбшнікі, ведаючы мой партрэт, як чалавека, і доўга аналізуючы яго яшчэ да майго затрымання, проста разумелі, што для мяне гэта важна і таму яны вырашылі вось такім чынам на мяне ціснуць і не даваць камунікаваць з людзьмі.

А наконт прэсінгу — былі здзекі, былі розныя захады ад аператыўнага аддзелу. Там, кідалі мяне на «бальнічку» у іншы «сектар» у СІЗА для «перавыхавання». Я моцна сварылася з начальнікам аператыўнага аддзелу — таму што я не магу маўчаць, калі я бачу, што людзей рэальна проста прыніжаюць, калі над імі здзекваюцца, калі іх пазбаўляюць элементарных правоў і калі не даюць нават аказаць медычную дапамогу, калі чалавеку дрэнна.

Па словах Аланы, прэсавалі больш псіхалагічна: «Дасылалі розных вар’ятак у камеры. Якія, там, кідаліся на мяне, не давалі спаць, крычалі, з-за якіх я выносіла дзверы — „тармаза“, як гаворыцца на зэкаўскай мове». З-за такіх суседзяў дзяўчына «ставіла ўльтыматумы і сядзела на праверках, пачынала галадаць».

Калонія і «замах» на Калеснікаву

У калоніі ў адрозненне ад СІЗА іншая адпрацаваная гадамі нашмат больш жорсткая сістэма са сваім наборам інструментаў уплыву на асуджаных і ёсць шмат людзей, што працуюць на адміністрацыю і робяць так, каб «пра цябе ўсё ведалі».

У калоніі Алана аднойчы камічна перасяклася з Марыяй Калеснікавай. У канцы працоўнай змены дзяўчына сыходзіла злая — з-за паводзінаў брыгадзіркі: «Я спрабавала адчыніць дзверы, каб выйсці з фабрыкі, з першага паверху, а Маша ў гэты момант спускалася з другога. І я з усёй сілы проста ўдзяўбла ёй ці пагалаве, ці па корпусу — я не ведаю. Яна троху адляцела, пачала вельмі моцна рагатаць — калі яна пабачыла, хто гэта зрабіў».

Ціск пасля вызвалення

Дзяўчына выйшла з калоніі ў лістападзе 2022 года і пайшла працаваць у IT. Летам гэтага года на яе пачаўся прэсінг з боку сілавікоў: «Была „інфа“, што ГУБАЗіК незадаволены тым, што я так мала адсядзела. Яны ведалі і ведаюць, што на мяне іншыя справы заведзеныя крымінальныя (па іх Алана праходзіць сведкай. — Заўв. рэд.)».

Свае адносіны з Беларуссю яна называе сузалежнымі і дзесьці неадэкватнымі — «трэба абіраць сябе, а ты ўсё роўна вяртаешся да таго, што ты хочаш жыць тут, ты хочаш працаваць на будучыню гэтай краіны, не хочаш адпускаць і адкладваеш гэты ад’езд як мага далей».

Канец адносна спакойнага жыцця і спробы вярбоўкі

У пачатку лета Алану затрымалі супрацоўнікі КДБ.

— КДБ, як заўсёды, яны пераследуюць свае інтарэсы. Яны хочуць максімальна знішчыць нейкі грамадска-палітычны патэнцыял чалавека, яго індывідуальнасць. Каб вяртанне ўвогуле (любое рэпутацый вяртанне я маю на ўвазе) ў грамадскае, палітычнае поле было немагчымым.

Таму яны мяне затрымалі і спрабавалі канешне «развесці» на розныя рэчы — тыпу там інтэрв'ю, супраца. Але дзякуй богу, дзякуючы розным людзям, якія потым падключыліся, у мяне атрымалася пацягнуць час і потым з’ехаць з Беларусі.

Хацелі зрабіць нешта падобнае да Рамана Пратасевіча

— Нешта падобнае яны хацелі зрабіць. Ім, як усім людзям, якія працуюць у спецслужбах, патрэбна інфармацыя, патрэбны людзі, якія будуць на іх працаваць. Патрэбная, як я ўжо казала, максімальна цябе «адвесці» ад гэтага усяго, каб не было магчымасці твайго любога вяртання.

А значыць ты павінны зняважыць людзей, зняважыць сябе і падставіць людзей. Мне здаецца, што я лепш напэўна пасядзела бы, чым займалася гэтым усур’ёз. І таму я паспрабавала ўсё зрабіць, каб зрабіць выгляд «окей, я падумаю», а потым зрабіць усе магчымыя захады, каб падключыць розных людзей, якія пра гэтую сітуацыю ведалі, каб дамагчыся ад’езду майго. Таму што так жыць, я лічу, немагчыма.

Па словах Аланы, «так атрымалася, што яны мяне адпусцілі, далі час падумаць». Яна лічыць, што зараз сілавікі «прапрацоўваюць шмат якіх людзей, таму што хутка электаральная кампанія і праводзіцца такая татальная „зачыстка“».

У актывісткі пасля выхаду з калоніі была забарона выезда з краіны на два гады. Нягледзячы на гэта, ёй удалося выехаць з Беларусі, у другой палове чэрвеня яна ўжо была ў Літве. Эвакуявалася Алана праз BYSOL.

Нагадаем, па «справе студэнтаў» абвінавачанымі праходзілі 12 чалавек. Віну прызнаў толькі адзін — яму прызначылі на паўгады менш за астатніх, якіх асудзілі на два з паловай гады калоніі. Выходзіць на волю палітзняволенныя пачалі ў канцы 2022 года.